ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
А.Б.Дорына.
т. 3, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)